by
by ru en
Аа
Aa Aa Aa

Гарачая лінія

Міністэрства аховы здароўя:

(017) 222-70-80
Упраўленнi аховы здароўя

Мінск:

(017) 285-00-10

Мінская вобласць:

(017) 517-20-25

Брэсцкая вобласць:

‎(0162) 58-09-93

Віцебская вобласць:

(0212) 47-40-70

Гомельская вобласць:

(0232) 75-44-87

Гродзенская вобласць

(0152) 72-13-45

Магілёўская вобласць:

(0222) 27-36-42

Адкрыццё выставы "Ахова здароўя Беларусі»

Міжнародная спецыялізаваная выстава "Ахова здароўя Беларусі» адкрылася сёння ў Мінску.

Выстава, якая пройдзе па 15 сакавіка, сабрала каля 200 экспанентаў з 15 краін. Сваю прадукцыю і тэхналогіі прэзентуюць экспаненты з Аўстрыі, Беларусі, Балгарыі, Венгрыі, Германіі, Ізраіля, Індыі, Казахстана, Кітая, Польшчы, Расіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Рэспублікі Карэя. Сярод удзельнікаў – сусветныя лідары ў вытворчасці медтэхнікі, вырабаў медпрызначэння, расходных матэрыялаў, стаматалагічнага абсталявання і фармацэўтычнай прадукцыі.

Як адзначыў міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Валерый Малашка, адкрываючы выставу, тут прадстаўлены перадавыя ўзоры медтэхнікі, якія ўжо сёння можна сустрэць ва ўстановах краіны. Арыгінальныя лекавыя прэпараты і генерыкі, якія распрацоўваюцца беларускімі прадпрыемствамі, таксама знаходзяць сваё прымяненне ў алгарытмах лячэння, у прафілактыцы захворванняў грамадзян.

Адзначым, што беларускія медыкі атрымалі магчымасць выпісваць электронныя рэцэпты ў анлайн-рэжыме прама дома ў пацыента. Новую медыцынскую інфармацыйную сістэму прадэманстраваў міністру аховы здароўя на выставе намеснік дырэктара па інфармацыйных тэхналогіях РНПЦ медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, кіравання і эканомікі аховы здароўя Сяргей Новікаў.

Паводле яго слоў, урач, прыйшоўшы на дом да пацыента (у любым пункце краіны), пры дапамозе планшэта ці тэлефона, падлучанага да інтэрнэту, можа выпісаць электронны рэцэпт. Літаральна праз хвіліну ён з'явіцца ў агульнай базе, і «Белфармацыя», любая камерцыйная аптэчная сетка зможа яго атаварыць. Пацыенту не трэба падаваць папяровы носьбіт. РНПЦ медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, кіравання і эканомікі аховы здароўя рэалізуе праграму і праект Сусветнага банка па разгортванні цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя Беларусі.

Упершыню на выставе прадстаўлены экспанаты з калекцыі музея медыцыны. Сярод унікальных экспанатаў халат, пашыты сястрой міласэрнасці ў 1920-я гг.; нарукаўная павязка з эмблемай Чырвонага Крыжа 1917 г.; тэрмометры канца XIX ст. – пачатку ХХ ст. для вымярэння тэмпературы цела ад 38,0 да 41,0˚С. Пра такія метады дыягностыкі, як аўскультацыя і перкусія, распавядаюць статаскопы (самы ранні з якіх выкарыстоўваўся ў 1910-я гг.) і перкусійныя малаточкі (вырабленыя ў першай палове ХХ ст.), а апараты Рыва-Рочы даюць уяўленне пра тое, як людзі вымяралі артэрыяльны ціск да вынаходніцтва танометраў. На стэндзе музея прадстаўлены стэрылізатары і шпрыцы шматразовага выкарыстання, а таксама хірургічныя, афтальмалагічныя і атарыналарынгалагічныя інструменты. Некаторыя з гэтых прадметаў выкарыстоўваліся яшчэ ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Пра тое, як лячылі зубы ў старажытнасці, можна даведацца, пазнаёміўшыся са стаматалагічным інструментарыем і абсталяваннем як у экспазіцыі музея, так і на асобным стэндзе ўрача-стаматолага. Тут прадстаўлены наборы бораў, шпатэлі, пламбіровачны матэрыял, стаматалагічныя абцугі і элеватары, бормашыны і г.д.

Паралельна з выставай праходзіць дзелавая праграма. Арганізаваны семінары і навукова-практычныя канферэнцыі, круглыя сталы, панэльныя дыскусіі, прэзентацыі, семінары. Ключавой падзеяй дзелавой праграмы стала другая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «e-Health – лічбавая трансфармацыя сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь». Удзел у канферэнцыі ўзяў міністр аховы здароўя Валерый Малашка.

Адкрываючы канферэнцыю, ён адзначыў, што «значнай падзеяй гэтага года з'яўляецца 100-годдзе аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Мы ганарымся тым, што зроблена аховай здароўя Беларусі для свайго народа, ганарымся прызнаннем нашых дасягненняў сусветнай медыцынскай супольнасцю. У аснову дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у галіне аховы здароўя пакладзены прынцып – стварэнне ўмоў, якія дазваляюць кожнаму чалавеку рэалізаваць сваё права на ахову здароўя на ўсіх этапах жыцця».

Сістэма аховы здароўя нашай краіны ў сваім родзе ўнікальная – зыходзячы з нарматыву бюджэтнай забяспечанасці на аднаго жыхара, прадастаўляюцца насельніцтву ўсе віды медыцынскай дапамогі – першасная, спецыялізаваная, высокатэхналагічная, паліятыўная і медыка-сацыяльная. Пры гэтым ахова здароўя з'яўляецца дастаткова эфектыўнай, што пацвярджаецца высокай пазіцыяй у рэйтынгу аўтарытэтнага амерыканскага Агенцтва Блюмберг. «Сёння ахова здароўя краіны валодае практычна ўсім спектрам медыцынскіх паслуг, забяспечыўшы высокі ўзровень даступнасці медыцынскай дапамогі, што адлюстроўвае моцную сацыяльную палітыку развіцця Беларусі», – адзначыў ён.

Міністр у сваёй прамове абазначыў, што галоўнай задачай у галіне інфарматызацыі аховы здароўя Рэспублікі Беларусь з'яўляецца пераадоленне існуючай фрагментацыі IT-рашэнняў і рэалізацыя свабоднага і аператыўнага абмену медыцынскімі дадзенымі паміж арганізацыямі аховы здароўя шляхам стварэння Цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя.

Як адзначыў у сваім выступленні намеснік міністра аховы здароўя Вячаслаў Шыла, «стварэнне e-Health забяспечыць пераход ад аўтаматызацыі асобных арганізацый да адзінай інфармацыйнай прасторы аховы здароўя і дазволіць увайсці Рэспубліцы Беларусь у пералік 30 краін з найбольш развітай электроннай аховай здароўя». Ён адзначыў, што для своечасовага і паслядоўнага выканання работ па фарміраванні нацыянальнай сістэмы электроннай аховы здароўя распрацавана Дарожная карта на перыяд да 2022 г., згодна з якой запланаваныя мерапрыемствы па наступных ключавых напрамках:

  • Стандартызацыя інфармацыйных рэсурсаў аховы здароўя;

  • Інфармацыйнае забеспячэнне Цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя;

  • Распрацоўка і ўкараненне Цэнтральнай праграмнай платформы Цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя;

  • Стварэнне сістэмы абароны інфармацыі;

  • Стварэнне інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя ў арганізацыях аховы здароўя, якія ўвайшлі ў Праект.

  • Запланаваныя мерапрыемствы не разглядаюцца як ізаляваныя працэсы, а носяць сістэмны характар і рэалізуюцца паралельна.

Сёння ж у рамках работы выставы праходзіць шэраг практыкаарыентаваных канферэнцый, семінараў, круглых сталоў. Так, на канферэнцыі «Прыярытэтныя напрамкі ў развіцці агульнай урачэбнай практыкі ў Рэспубліцы Беларусь» удзельнікаў вітала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі, экспертызы, зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Таццяна Мігаль.

Першы намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Турчын з цікавасцю азнаёміўся з працай кабінета ўрача агульнай практыкі.

З дакладам «Кампетэнцыі ў рабоце ўрача агульнай практыкі. Магчымасці ўрача агульнай практыкі па фарміраванні здаровага ладу жыцця» выступіў загадчык кафедры агульнай урачэбнай практыкі БДМУ, к.м.н., дацэнт, галоўны пазаштатны спецыяліст па агульнай практыцы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Вадзім Сушынскі. Ён падрабязна спыніўся на службовых абавязках урачоў агульнай практыкі, правёўшы аналогію з сусветным вопытам. А галоўны ўрач 39-й гарадской Мінскай паліклінікі, галоўны пазаштатны спецыяліст па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Вольга Есманчык распавяла пра вынікі і вопыт укаранення праграмы «БЕЛМЕД – Электронная ахова здароўя». Яна прывяла прыклады індыкатараў, якія выкарыстоўваюцца для маніторынгу эфектыўнасці ПМП на пілотных аб'ектах праекта «БЕЛМЕД», прывёўшы прыклад зніжэння ўзроўню шпіталізацыі з дыягназамі «артэрыяльная гіпертэнзія», «цукровы дыябет» і «хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх».

Што тычыцца навінак абсталявання, дык спецыялісты ўжо вывучаюць шырокую лінейку розных стаматалагічных установак, якія ўкамплектаваны ўнутрыротавымі відэакамерамі, шырокафарматным відэаманіторам, якую прадставіў на выставе РУП «Медтэхнацэнтр». А таксама новы ШВЛ, які можна выкарыстоўваць у педыятрыі.

Адзначым, што ў хуткім часе РУП «Медтэхнацэнтр» плануе запусціць вытворчасць стаматалагічных установак для дзяцей, якія палегчаць ім успрыманне стаматалагічных маніпуляцый. А для даступнасці дыягнастычнай дапамогі УП «Кардыян» і «Медтэхнацэнтр» прадставілі на выставе розныя мадыфікацыі мабільных лічбавых электракардыёграфаў, якія маюць магчымасць перадачы дадзеных па сродках разнастайных відаў сувязі на адлегласці.

На стэндзе прадпрыемства «Медын» прадстаўлены аперацыйны стол для спінальнай хірургіі (аналагаў у свеце не існуе). А таксама для хірургіі прадстаўлены інавацыйныя трымальнікі ног, якія ў свеце вырабляюць толькі тры вытворцы.

Прадстаўлены на выставе і беларускі пераносны кардыёграф. Яго можна накласці на цела пацыента, і ён перадасць дадзеныя на планшэт ці адмысловую прыладу. Кардыяграму можна адразу ж убачыць і, калі трэба, раздрукаваць. ЭКГ захоўваецца ў лічбавым выглядзе.

Сёлета кампанія Adaні распрацавала і прадставіла на выставе беларускі пульмаскан для рэнтген-даследавання органаў грудной клеткі. Плюсы пульмаскана ў тым, што ён займае мала месца, клінікам не трэба марнаваць час, сілы і сродкі на падрыхтоўку кабінета для флюараграфіі. Бо, каб абсталяваць такі кабінет, патрэбна спецыяльная абарона для сцен і столі.

Навінка ёсць і ў кампаніі «Солар». На стэндзе прадстаўлены біяхімічны паўаўтаматычны аналізатар для малых лабараторый і высокапрадукцыйны аўтамат афарбоўкі мазкоў крыві.

Заўтра выстава працягне сваю працу.

Прэс-служба Міністэрства аховы здароўя

288
Вяртанне да спісу

Іншыя навіны

Карысныя рэсурсы

Адміністрацыйныя рэсурсы